Лагатып сайту Scenaryi.by
Сцэнарыі     
       Святы восені
       Каляды

       Новы год
Беражы нос у вялікі мароз
Вясёлая зіма
Гэй, сняжыначкі, ляціце!
Жыла-была яліначка
Мы жадаем шчасцявам!
Навагоднія забаўкі
Навагодняе прадстаўленне
Навагодняе запрашэнне
Навагодняя ёлка
Наша ёлка - цуд і казка
Новы год
Новы год на тэатральнай сцэне.
Новы год спяшаецца у госці
Панарама зімовых свят
Перасмешка запрашае на баль
Раз, два, тры, ёлачка гары
Снег ідзе, снег ідзе - радасны, махнаты!..
Сустракаем разам Новы год
Чарадзейка Зіма запрашае
У "Чамучак" Новы год
Цацак тысячу на ёлку нам развесіў чараўнік...

       Вясновыя святы
       Вясновыя святы 1
       Дзень перамогі
       Выпускны
       Летнія, купальскія
       Пра мову
       Юбілеі вядомых людзей
       Розныя

М. П. КАНАПАЦКАЯ, настаўніца Лахвенскай СШ Брэсцкай вобласці. Пачатковая школа Лістапад 2007

Новы год спяшаецца у госці

Мэты: пазнаёміць з гісторыяй паходжання свята, традыцыямі яго святкавання ў розных краінах свету; развіваць творчыя здольнасці і індывідуальныя асаблівасці вучняў, пазнавальную актыўнасць; выпрацоўваць навыкі выразнага дэкламавання вершаў.

Вучні адгадваюць загадку:
Белым пухам замяло
I палеткі, і сяло.
Мост праз рэчку хутка ляжа.
А што гэта, хто адкажа?
(Зіма)

Настаўнік. Да нас у госці завітала чарадзейка зіма, якая прыбрала ў прыгожае белае футра ўсё наваколле. Што вы ведаеце пра гэту пару года?
Вучань.
Закружыліся сняжынкі
Нізка, нізка над зямлёй.
Ціха лётаюць пушынкі
Незлічонай чарадой.
Быццам тыя матылёчкі,
Весяляцца нездарма —
Адамкнула ўсе замочкі
Ў небе ім сама зіма.
А. Дзеружынскі

Вучаніца.
Зіма хадою смелаю
Да нас прыйшла здаля,
I стала белай-белаю
Уся вакол зямля.
Такія гурбы выраслі:
Як прывіды стаяць.
Эй, саначкі мы вынеслі
Давай гуртом гуляць.
У саначках бліскучыя,
Як струны, палазы.
Не страшны нам траскучыя,
Тугія маразы.
В. Жуковіч

Вучань.
Гай маўчыць — лістоў няма,
Даль азябла сіняя.
Зноў да нас прыйшла зіма
Рупнай гаспадыняю.
Вымела без памяла
Поле з першапуткамі.
Хусту з галавы зняла —
Рунь малую ўхутала.
У зімы работы шмат:
Ходзіць зрання гонямі,
Рассцілае абрусы,
Дорыць шапкі цёплыя...
Спяць азёры,
Спяць лясы,
Спяць стагі на поплаве.
Р. Барадулін

Настаўнік. Чым падабаецца вам гэтая пара года?
Вучаніца.
Ой, зіма,
Зіма,
Зіма!
Весялей цябе
Няма!
Горка,
Санкі,
Гоман,
Смех.
Сіні вечар.
Белы снег.
Усе дзеці
На каньках.
Колькі
Радасці ў вачах!
П. Броўка

Вучань.
Ніхто з дамашніх не згадае,
Чым рэчка Костуся займае,
Якая іх звязала сіла
I чым яна так хлопцу міла.
Бывала, толькі чуць разднее,
Чуць толькі ў лесе пасвятлее,
Глядзіш — на рэчку ён шыбуе
I лёд сякераю мацуе...
То падбяжыць і скаўзанецца,
I сам сабе ён засмяецца...
Я. Колас

Настаўнік. Прыйшла зіма, а разам з ёй і доўгачаканае свята Новы год. Сёння мы даведаемся, як з'явілася гэта свята, як адзначаюць Новы год у розных краінах, і завітаем у госці да беларускага Дзеда Мароза.
Новы год — адно з самых радасных і любімых свят ва ўсім свеце. Надыход Новага года адзначаюць з незапамятных часоў. Аднак ён не заўсёды прыпадаў на 1 студзеня. У розных народаў ён пачынаўся ў розны час. Звычайна гэта адбывалася вясной і супадала з пачаткам адраджэння прыроды. Прайшлі стагоддзі, пакуль гэта свята заняло сваё месца ў календары. На Русі цар Пётр I у 1699 годзе загадаў адзначаць Новы год на еўрапейскі лад — 1 студзеня. Апоўначы Пётр I выйшаў на плошчу з факелам у руках і выпусціў у неба першую ракету. Так пачаўся салют у гонар навагодняга свята. Людзі спявалі, танцавалі, віншавалі адзін аднаго і падносілі навагоднія падарункі. Цар сам сачыў за тым, каб новаўведзенае свята адзначалася ў Расіі не горш, чым у іншых еўрапейскіх краінах. Шмат гадоў мінула з таго часу. Але кожную зіму ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня мы сустракаем Новы год.

Вучаніца.
Што прыносіць Новы год?
Новы снег і новы лёд.
Новы ў полі лыжны след.
Новы ў новы цырк білет.
Новыя канькі, свісткі.
Новыя канікулы.
Новы дождж. I новы гром.
Пераезд у новы дом.
Новы смачны апельсін.
Не злічыць усіх навін!
Дык па-новаму жывіце,
Толькі ўважліва сачыце,
Каб у торбе Дзед Мароз
Новых двоек не прынёс.

Настаўнік. У кожнай краіне Новы год сустракаюць па-рознаму. У кожнага народа існуюць свае навагоднія традыцыі і абрады.

Паказваецца інсцэніроўка верша В. Лукшы "Карнавал".
Шчодры і руплівы снежань
Клопатна зямлю аснежыў.
3 лесу ёлка завітала
Першай госцяй
Карнавалу.
Мы на ранішнік вясёлы
Запрасілі шчыра ў школу
Безліч дарагіх гасцей —
Будзе свята весялей!
Ў залу светлую прыйшлі
Пасланцы ўсяе зямлі —
Рады ўсе заўсёды Новаму году.
— Добры вечар!
— Добры вечар!
Вы прыехалі дарэчы!
Станем дружна ў карагод
Ды сустрэнем
Новы год!
Патанцуем,паспяваем
Ля ялінкі прыгадаем
Дзе і як гуляюць —
Свята адзначаюць.
Дзед Мароз,
На выгляд строгі,
Ўсе прайшоў шляхі-дарогі.
— Раскажы нам, Дзед Мароз,
Што цікавага прынёс?
Не спяшайся, Дзед, з адказам.
Па чарзе — не ўсё адразу.
— Едзе на прасторах сініх
Навагоддзе па Расіі.
Поруч ля мяне — Снягурка
Ў вышываных белых бурках.
Звоняць звонкія званочкі —
Год стары падаўся ў прочкі.
I вітае ўвесь народ
Добры, мірны
Новы год.
У брытанцаў—
Дзіўны звычай:
Да сябе гасцей не клічуць.
Але кожны падарожны
Стаць жаданым госцем можа.
А як трапіш да балгараў,
Не крыўдуй, прашу, таварыш,
Сябра б'юць сучком кізілу,
Каб заўсёды меў ён сілу.
Посуд вобзем кінуць шведы,
Каб міналі хату беды:
Больш асколкаў ля дзвярэй —
Будзе год шчаслівей!
А румынскі хлопчык жвавы —
Да сястры: "Што ходзіш павай?
Не вазьму я твой пірог!"
Здагадацца ён не мог —
Ў пірагу лісток паперы:
У навуках будзеш першы!
У індусаў каляровы
Змей у небе папяровы.
Ён над джунглямі лунае,
Першым свята сустракае.
У галандцаў параходы
Покліч шлюць прыветны году.
Ўсмак тут піражкі ядуць —
Шмат да свята іх пякуць.
У Гвінеі зноў і зноў
Вуліцай вядуць сланоў,
I танцуюць, і спяваюць —
Гэтак Новы год вітаюць.
Ну.а ў Бірме,
Ну, а ў Бірме
Замест снегу
Хвошчуць ліўні.
Тут са святам так вітаюць:
Ўсіх вадою абліваюць!
А на свята у В'етнам
Не паспець у тэрмін нам —
Карнавал віруе тут
I ў студзені, і ў лютым, —
Месяцовы каляндар
Карнавалу гаспадар.
Не сустрэнеш тут ялінак,
Карагод — ля мандарына.
Чэхію б наведаць мне
На чароўным скакуне.
Цацкі дзецям дораць людзі,
А як зноў надыдзе будзень,
Можна цацкі тыя ўзяць
Ды ў краме абмяняць.
Над паперай гнецца ў крук
У Японіі хлапчук.
"Што малюеш, —
Кажуць людзі, —
I на яве тое будзе..."
Новы год шумлівай хваляю
Праімчаўся па Італіі.
3 дому ўсю старызну вон!
Ў дом — курантаў перазвон!
Дзед Мароз пытае:
— Можа,
Час нам скончыць падарожжа?
Дзеці дружна у адказ:
— У добры час!
— У добры час!
Не сціхаюць песні ў зале
На святочным карнавале.
Нездарма, відаць, у школу
Мы на карнавал вясёлы
Запрасілі шмат гасцей —
Стала свята весялей!
Рады мы заўсёды
Новаму году!

Настаўнік. Як сустракаюць Новы год у іншых краінах, мы даведаліся. А як сустракаеце Новы год вы?
Вучань.
Перад самым Новым годам
Будзе ранішнік у нас.
Свята гэтае рыхтуем
Першы раз мы, першы раз.
Ёсць у нас свая Снягурка
I вясёлы Дзед Мароз;
Будуць вершы, будуць песні —
Кожны ў сэрцы іх прынёс.
Хочуць нашыя дзяўчынкі
Гожы танец паказаць,
Пачалі яны "Сняжынкі"
3 захапленнем танцаваць.
Запрашаем, мамы, таты,
Вас усіх да нас на свята.
В. Жуковіч

Настаўнік. Дзеці, хто творыць цуды ў навагоднюю ноч? (Дзед Мароз.)
Вучаніца.
Браты Алеська і Максім,
Жывуць на свеце белым.
Не ўсё пакуль вядома ім,
Не ўсё ім зразумела.
Пытанне ўзнікла усур'ёз
У двух братоў аднойчы:
"Калі прыходзіць Дзед Мароз?"
"Калі ж? Напэўна, ноччу".
Якраз у ноч пад Новы год
Браты амаль не спалі,
Мароза-дзеда ўсё ж прыход,
Падобна, прамаргалі.
Бо раніцой знайшлі браты
Пад ёлачкай пакункі,
Ляжалі у пакунках тых
Сямейцы падарункі.
Было там дзіва для братоў —
Яны не разумелі,
3 двара як Дзед Мароз прыйшоў,
Што й дзверы не рыпелі.
Які цудоўны Дзед Мароз:
Нясе такую ношу!
Вось падарункі ўсім прынёс
I ўсім настрой харошы.
В. Жуковіч

Настаўнік. У адным з паданняў гаворыцца, што Дзед Мароз нарадзіўся ў Лапландыі больш за дзве тысячы гадоў таму. Спачатку гэта быў магутны і злы стары, які прыносіў на зямлю холад і завеі. У той час ён не дарыў дзецям цацак, наадварот, людзі рабілі яму падарункі, спрабуючы задобрыць.
Вучань.
Іду я, сняжысты, ўсясільны,
Па сцежках-пуцінах пустых,
I ночкай, і днём безупынна
Пільную абшараў сваіх.
Палац мой —
лес буйны, вяцвісты —
Ірдзіцца брыльянтамі скрозь,
Мне воўк і мядзведзь у паслугах,
Мне служаць вавёрка і лось.
Як пухам, сняжком пасыпаю
I хвою, і ёлку, і клён;
Хто ў госці ка мне забярэцца,
Тулю тых, галублю іх сон.
Я. Купала

Вучаніца.
Ходзіць дзед белабароды
Полем, лесам, пералескам,
Засцілае рэчкі лёдам,
Брыльянцістым
снежным блескам.
Сыпле іней на бярозы,
Туліць дрэвы лёгкім пухам,
Крые руні, травы, лозы
Белай воўнаю — кажухам.
Дзеда ўсюды носяць ногі,
I к нам прыйдзе на хвілінку
Адпачыць крыху з дарогі,
Важна сеўшы на ялінку.
А ялінка!... Чаго толькі
На яе няма галінках!
Свецяць зоркі і вясёлкі
У бліскучых павуцінках.
Я. Колас

Настаўнік. 3 часам характар Дзеда Мароза змяніўся: ён стаў дабрэйшы і пачаў прыносіць дзецям падарункі ў навагоднюю ноч. Побач з ім яго нязменная спадарожніца — унучка Снягурачка. Яна дапамагае старому разносіць падарункі і расказвае казкі.
Вучань.
Дзе пушчы і балоты,
Між елак і бяроз
На іртах па сумётах
Шыбуе Дзед Мароз.
Зіхцяцца, як карункі,
Сняжынкі ў барадзе,
А ў торбе — падарункі
Дзіцячай грамадзе.
I радасна на свяце,
I весела — да слёз! —
Калі у цёплай хаце
Гасцюе Дзед Мароз.
С. Сокалаў-Воюш

Вучаніца.
Што увечары заснула,
Шкадавала Каця.
Ноччу Дзед Мароз прыходзіў,
Ёй сказала маці.
Кнігу казак разгарнула
Каця з захапленнем.
Дзед Мароз прынёс ёй кнігу —
Тут няма сумнення.
Ды ў дзяўчыны Каці ўсё-ткі
Ёсць адно пытанне:
Як жа Дзед Мароз уведаў
Пра яе жаданне?
В. Жуковіч

Настаўнік. Дзед Мароз штогод разносіць дзецям падарункі, імкнецца выканаць усе просьбы і здзейсніць усе дзіцячыя мары. 3 кожным годам у яго ўсё больш работы, таму ў нас з'явіўся яго памочнік — беларускі Дзед Мароз. 3 25 снежня 2003 года на тэрыторыі Нацыянальнага парку "Белавежская пушча" пачала працаваць рэзідэнцыя Дзеда Мароза. Рэзідэнцыя складаецца непасрэдна з маёнтка Дзеда Мароза, доміка Снягуркі, музея Дзеда Мароза, ветрака, чароўнага калодзежа, скульптурных кампазіцый з дрэва — "Дванаццаць месяцаў", "Беласнежка і сем гномаў", а таксама з шэрагу аб'ектаў гандлёвага, бытавога і забаўляльнага прызначэння. На тэрыторыі рэзідэнцыі расце самая вялікая ў Еўропе 120-гадовая яліна — яе вышыня 40 метраў, і яна цудоўная ў сваім навагоднім уборы!
На першым паверсе ў доме Дзеда Мароза ёсць зала з разным драўляным тронам — для прыёмаў. На другім паверсе — спальня з печкай і шырокім драўляным ложкам з сямю падушкамі. На стварэнне ўсіх атрыбутаў маёнтка пайшло больш за 200 кубічных метраў дубу і сасны — адзін плот мае працягласць 1,5 кіламетра. А для ілюмінацыі выкарыстоўваецца 40 тысяч лямпачак!
Рэзідэнцыя Дзеда Мароза працуе круглы год з 9.00 да 23.00 гадзін без выхадных дзён. Летам Снягурачка ад'язджае да бабулі на Паўночны полюс і гасцей разам з Дзедам Марозам сустракае Лясная Фея.
Паштоўку са сваімі пажаданнямі можна адправіць на адрас: 225063, Брэсцкая вобл., Камянецкі р-н, п/а Каменюкі. Ці проста: Белавежская пушча. Дзеду Марозу. (Расказ суправаджаецца паказам слайдаў або малюнкаў.)

Вучань.
Завітала ў госці ёлка —
3 намі Новы год спаткаць,
Ззяе ёлка, як вясёлка,
Рада пець і танцаваць.
Зухаваты, барадаты
Сыпле жарты Дзед Мароз.
Са Снягуркаю на свята
Падарункі ён прынёс.
Вочы весняцца ў Снягуркі,
Добра ўсім каля яе:
Нам Снягурка падарункі,
Як усмешкі, раздае.
Што за дзіва — наша ёлка!
Што за свята — Новы год!
Ззяе ёлка, як вясёлка,
Водзіць з намі карагод.
М. Чарняўскі

Настаўнік. Да Новага года засталося зусім мала часу. Каб сустрэць яго здаровымі і дужымі, запрашаю вас на навагоднія спаборніцтвы і гульні (па выбару дзяцей).


Сцэнарыі
Copyright © 2013 Scenaryi.by Усе правы абаронены
Яндекс.Метрика