Лагатып сайту Scenaryi.by
Сцэнарыі     
       Святы восені
       Каляды

       Новы год
Беражы нос у вялікі мароз
Вясёлая зіма
Гэй, сняжыначкі, ляціце!
Жыла-была яліначка
Мы жадаем шчасцявам!
Навагоднія забаўкі
Навагодняе прадстаўленне
Навагодняе запрашэнне
Навагодняя ёлка
Наша ёлка - цуд і казка
Новы год
Новы год на тэатральнай сцэне.
Новы год спяшаецца у госці
Панарама зімовых свят
Перасмешка запрашае на баль
Раз, два, тры, ёлачка гары
Снег ідзе, снег ідзе - радасны, махнаты!..
Сустракаем разам Новы год
Чарадзейка Зіма запрашае
У "Чамучак" Новы год
Цацак тысячу на ёлку нам развесіў чараўнік...

       Вясновыя святы
       Вясновыя святы 1
       Дзень перамогі
       Выпускны
       Летнія, купальскія
       Пра мову
       Юбілеі вядомых людзей
       Розныя

Вера Аляксандраўна Буланда — настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ N° 212 г. Мінска. Роднае слова Лістапад. 2005

Мы жадаем шчасця вам!

Праграма навагодняга свята ў школе.

Самае доўгачаканае свята як для дарослых, так і для дзяцей рознага ўзросту — гэта Новы год. У народзе кажуць: "Як сустрэнеш Новы год, так яго і правядзеш".
Таму і у школе варта падрыхтавацца да такой адметнай сустрэчы як мага лепей. Прадумаць усе магчымыя варыянты свята, кожную дэталь канцэртнай праграмы, каб усё было незабыўным, непаўторным, шчаслівым, радасным і дзецям хацелася б мець больш такіх хвілін у жыцці.
Да навагодняга свята ў школе група арганізатараў рыхтуецца загадзя. Мастакі і паэты пішуць жартоўныя аб'явы нібыта ад Дзеда Мароза і Снягуркі. Добраахвотныя памочнікі з ліку вучняў прадумваюць вясёлыя забавы для сваіх равеснікаў — аўкцыёны, на якіх будуць прадавацца рэчы казачных герояў (ступа Бабы Ягі, чароўная іголка Кашчэя, незвычайнае люстэрка і г. д.). Самым цікаўным прапаноўваецца "сакрэтны пакет" (па карце-схеме трэба будзе адшукаць "скарб" Дзеда Мароза, бо іначай не пачнецца свята). Арганізоўваюцца гульні, конкурсы: "Лясная школа" (экзамен-жарт, пасля якога ўручаюцца пасведчанні пра заканчэнне лясной школы, а выдатнікам — памятныя дыпломы і сувеніры). Вучні любяць упрыгожваць маленькія ёлачкі з завязанымі вачыма (хто хутчэй), адгадваць загадкі акадэміка Загадкіна, гуляць у бяспройгрышную латарэю, слухаць Мудраца, які чытае думкі на адлегласці, вадзіць карагоды каля ёлкі, спяваць і танцаваць. Вельмі важна, каб усе без выключэння былі задзейнічаны ў святкаванні Новага года, толькі ў такім разе школьнае мерапрыемства прынясе надзвычайнае задавальненне і незвычайныя ўражанні кожнаму яго ўдзельніку.
Прапануецца прыблізная праграма навагодняга свята ў школе.

У залу ўваходзяць казачныя персанажы — Баба Яга, Чорт, Кашчэй Несмяротны, Старая Шапакляк, Карабас-Барабас.

Баба Яга (пацірае ад задавальнення рукі). Вось і ўсё — навагодняе свята не адбудзецца.
Усе разам (радасна прытанцоўваючы). Не адбудзецца, не адбудзецца, ха-ха-ха!
Чорт I Дзед Мароз больш ніколі-ніколі не з'явіцца ў школе.
Усе разам. Ніколі-ніколі не з'явіцца ў школе!
Старая Шапакляк (вельмі радасна). Мы так стукнулі яго па галаве, што ён назаўсёды страціў памяць.
Кашчэй Несмяротны. І зараз ён не зможа ўспомніць, хто ён такі і што яму трэба рабіць.
Баба Яга. Як здорава! Як міла! Як радасна, дарагія мае, родненькія мае! Нарэшце людзі перастануць весяліцца. Прыйшоў наш час. Мы будзем танцаваць і радавацца.
Усе разам. Мы будзем весяліцца, танцаваць і радавацца.
Ой-ля-ля, ой-ля-ля,
Будзем сёння мы гуляць.
Ой-лю-лю, ой-лю-лю,
Кожны з нас кум каралю!

На сцэне з'яўляецца вядучая праграмы.

Вядучая. Якія вы малайцы!
Усе разам (з гонарам). Мы — малайцы!
Вядучая. Так весела ў нашай школе даўно не было. Я спадзяюся, што вы на ўвесь вечар назапасілі весялосці...
Чорт. Калі вы сапраўды так думаеце, то вы страшэнна памыляецеся, ха-ха-ха!
Вядучая (здзіўлена). Не разумею. Чаму?
Старая Шапакляк. А ўсё вельмі проста. Доўгачаканага...
Кашчэй Несмяротны. ...і вельмі жаданага...
Карабас-Барабас. ...добрага і шчодрага...
Баба Яга. ...вашага хвалёнага Дзеда Мароза не будзе!
Усе разам. Не будзе! Не будзе! Не будзе!
А ён не ўспомніць і нас не асудзіць,
Не думайце, людзі, аб цудзе!
Не будзе дзядулькі, не будзе!
Вядучая. Я думала, што тут сапраўдная, шчырая весялосць — на карысць людзям, ажно ўсё наадварот...
Усе разам. Усё наадварот, усё наадварот!
Вядучая. Эх, вы! Калі я чытала казкі, я трошкі вас не любіла, але ж на ўсіх навагодніх святах вы былі прыемнымі гасцямі. А сёння я нічога не разумею.
Баба Яга. Во-во, вы самі сказалі, што на навагоднім свяце мы — добрыя госці. Карабас- Барабас у нас будзе Дзедам Марозам, а я — Снягуркай.
Вядучая. Ну, якая з цябе, Баба Яга, Снягурка?
Баба Яга. Што ні ёсць — самая прыгожая, самая снягурыстая, самая халодная і ледзяная... Бр-р-р-р...
Вядучая. Вось якраз нам сёння холаду ды лёду не хапае.
Старая Шапакляк (хітравата падміргваючы сваім хаўруснікам). Канечне, Дзед Мароз можа з'явіцца, толькі трэба выканаць тры ўмовы.
Вядучая. Якія тры ўмовы?
Старая Шапакляк. 3 такімі заданнямі вам ніколі не справіцца.
Вядучая. Каб свята адбылося, мы паспрабуем справіцца. Давайце вашы заданні.
Старая Шапакляк. Ха-ха-ха, яны справяцца, ці чулі вы? Не смяшыце мяне, не смяшыце. Паміраю ад смеху. Ды я ўпэўнена, што ніхто з прысутных не ведае верша пра Дзеда Мароза.
Вядучая. I ўсяго толькі?
Старая Шапакляк (усаджваецца ў крэсла, якое з гатоўнасцю падсоўвае ёй Чорт). Вы думаеце, што гэтага мала? Ну-ну. Я чакаю, я цярпліва чакаю, калі хто-небудзь прачытае на памяць, чуеце, на памяць верш пра Дзеда Мароза.
Вядучая. Так... Сябры, выручайце, іначай свята не адбудзецца. Успомніце хто-небудзь верш на зададзеную тэму. Падыміце руку, хто ведае верш пра Дзеда Мароза... Няўжо ніхто не ведае?
Старая Шапакляк. А што я казала. Ніхто зараз не думае пра Дзеда Мароза. Усім давай жвачкі, снікерсы, бананы, а ў Дзеда Мароза толькі цукеркі ў мяшку ды яблыкі...
Вядучая. І я, як на ліха, нічога не магу прыгадаць. Праўда, я магу скласці верш сама, але гэта будзе так няскора... Што рабіць?
Фея (выходзіць з залы).
Калі, як не ў Новы год
Адбывацца цудам!
Збірайся на свята, народ,
Я з вамі шчаслівая буду.
Патрэбна мая дапамога?
Да вас спяшаюся з ёй.
Хоць цяжкая будзе дарога,
Але чараўніцтва са мной.
Вядучая. Добрая Фея, як вы своечасова з'явіліся. Нам сапраўды патрэбна дапамога.
Фея. Я ведаю. I рада вам дапамагчы. Бо добра памятаю са школьнай праграмы верш Якуба Коласа "Дзед-госць". Хто ўспомніць яго, можа чытаць разам са мной.

Ходзіць дзед белабароды
Полем, лесам, пералескам.
Засцілае рэчкі лёдам,
Брыльянцістым снежным блескам.

Сыпле іней на бярозы,
Туліць дрэвы лёгкім пухам,
Крые руні, травы, лозы
Белай воўнаю-катухам.

Дзеда ўсюды носяць ногі.
І к нам прыйдзе на хвілінку
Адпачыць крыху з дарогі,
Важна сеўшы на ялінку.

А ялінка! Чаго толькі
На яе няма галінках!
Свецяць зоркі і вясёлкі
У бліскучых павуцінках.

Вядучая. Як гэта там у вершы? "Дзеда ўсюды носяць ногі"...
Фея. "...І к нам прыйдзе на хвілінку".
Вядучая. Добра будзе, калі сёння да нас прыйдзе дарагі Дзядуля Мароз, бо якое ж свята без яго і Снягурачкі.
Баба Яга. Не прыйдзе, не прыйдзе, не спадзявайцеся. Бо яшчэ два заданні неабходна выканаць. Вось другое. Слова Карабасу-Барабасу.
Карабас-Барабас. Я загадаю тры загадкі, а вы паспрабуйце адгадаць іх.
Знайка(выходзіць з залы). Я ведаю адгадкі на ўсе вашы загадкі.
Баба Яга. Цыц! Табе ніхто слова не даваў.
Знайка. Не злуйся, бабулька, а лепш разам з намі адгадвай загадкі.
Баба Яга. І не думаю ламаць сваю хворую галаву над цяжкімі загадкамі.
Карабас-Барабас. Слухайце ўважліва першую загадку.
Улетку кропелькай была,
Вясёлаю дажджынкай,
А іней лёг,
Зіма прыйшла —
Зляцела ўніз...
Знайка (і ўсе ў зале). ...сняжынкай.
Чорт (са злосцю). Што ты, барадатая галава, такую лёгкую загадку загадаў? Пра гэта самае ёсць больш складаная загадка. Вось. Ляціць — маўчыць, ляжыць — маўчыць, калі памрэ, тады зараве. Ну?
Знайка (і ўсе ў зале). Снег!
Старая Шапакляк. Ну і прыдумаў - загадаць загадку пра тое самае. Маю загадку ніхто не адгадае. Без рук, без ног, а маляваць умее.
Знайка (і ўсе ў зале радасна). Мароз!
Вядучая. Дзякую табе, найразумнейшы з разумных. Ты выручыў нас. Паглядзі, якія нашы госці злосныя зрабіліся, аж з твару змяніліся.
Чорт (надзьмуўся). І нічога мы не змяніліся. Мы ад прыроды такія. Ясна?
Фея. Ясна, ясна, што Снягурка белая, а Чорт, як відаць, чорны...
Чорт. Бабулька Ёжка, мяне абражаюць, крыўдзяць, з мяне пасміхаюцца...
Баба Яга. Хопіць румзаць. Ты, гэта, не бяры да галавы, а бяры... да хваста. Ты вось лепш пазнаём іх з трэцяй нашай умовай.
Чорт (умомант весялее). Ага! Ха-ха-ха! Тут, я бачу, маленькіх дзяцей няма, а вучні больш старэйшага ўзросту не ўспомняць песню пра елачку, якую спявалі ў дзяцінстве, а калі і ўспомняць, толькі адзін куплецік і прыпеў...
Вядучая. І пасля гэтай песні з'явяцца Дзед Мароз і Снягурачка?
Баба Яга. Гэта іх гімн, на які яны адразу адгукаюцца.
Вядучая. Ну, гэтае заданне — самае лёгкае, і мы разам з усімі добрымі казачнымі персанажамі, якія сабраліся ў зале, справімся зараз жа. Музыканцікі, зайграйце нам, калі ласка.

Вядучая ўсіх збірае вакол ёлкі для карагода пад песню "Яліначка" (словы 3. Аляксандравай, музыка М. Красева, пераіслад В. Жуковіча). На апошніх словах песні ў зале з'яўляюцца Дзед Мароз і Снягурка.

Жыла-была яліначка,
У хвойнічку расла,
Зімой і летам стройная,
Зялёная была.

Мяцеліца ёй песеньку
Спявала: "Баю-бай!",
Сняжком яе атульвала:
"Глядзі не замярзай!"

Пужлівы зайка шэранькі
Вакол яе скакаў,
Падчас і воўк, сярдзіты воўк,
Трушком тут прабягаў.

Сняжок у лесе сцішаным
Пад полазам рыпіць,
І конік жвавы сівенькі
Спяшаецца, бяжыць.

Імчацца лёгка саначкі,
А ў санках мужычок
Вязе для нас яліначку,
Паклаўшы на бачок.

I вось яна, прывабная,
На свята к нам прыйшла
І шмат пацехі, радасці
Для дзетак прынясла.

Вядучая. Прывітаем воплескамі Дзеда Мароза і Снягурку!
Снягурка.
Мы ішлі лясамі,
Мы ішлі лугамі,
Прыняслі нас сані
На сустрэчу з вамі.
Шмат усякіх перашкод
Меў нялёгкі наш паход,
А злачынцаў карагод
Сапсаваў нам Новы год!

Вядучая. Мы добра ведаем гэтых злачынцаў, вунь яны схаваліся за ёлкай, цвёрда жадаючы сапсаваць наша свята.
Снягурка. Можна сказаць, што ім крыху ўдалося гэта зрабіць. Я ледзь-ледзь прывяла сюды Дзеда Мароза.
Вядучая. А што здарылася?
Снягурка. Як? Вы яшчэ не ведаеце? Яны перанялі Дзеда Мароза на паўдарозе і нечым цвёрдым стукнулі Дзядулю па галаве. Цяпер ён не памятае, як яму праводзіць свята.
Вядучая. Дзядулечка, няўжо вы нас не зможаце чым-небудзь парадаваць сёння?
Дзед Мароз. Баюся, што я мала змагу ўспомніць. Толькі добра ведаю, што ў мяне прыхаваны скарб. Адна бяда — я не памятаю, дзе ён.
Чорт (махаючы паперкай). А скарб у нас. Мы падгледзелі, дзе Дзед хаваў скарб, намалявалі схему, па якой можна яго знайсці.
Баба Яга. Цыц! Маўчаць! Што ты пляцеш?
Дзед Мароз. А яшчэ я добра памятаю, што сёння ўсе падпарадкоўваюцца мне і маёй унучцы Снягурачцы. Правільна я кажу?
Снягурка. Правільна. І таму ваш план-схему прашу аддаць нам.
Чорт (неахвотна). Калі ласка, вазьміце, толькі ці здолее хто-небудзь адшукаць скарб?
Дзед Мароз. А чаго табе вельмі ўжо хвалявацца? Не адшукаюць нашы кемлівыя вучні скарб, то ён вам і застанецца, а хутчэй за ўсё ім пашчасціць, тады выбачайце, калі ласка.
Снягурка. Калі ласка, хто з прысутных жадае знайсці скарб Дзеда Мароза? Ахвотнікаў можа быць некалькі, таму прадугледжваецца не адна схема, а некалькі маршрутаў, такім чынам шчасліўчыкі атрымліваюць свае першыя навагоднія падарункі.
Вядучая. Будзем лічыць, што з гэтай хвіліны навагодняе свята пачалося. Хай і ў пошуках пашанцуе, хай кожны весяліцца тут і танцуе!
Снягурка. Дарэчы, пра танцы. Я вельмі люблю танец-гульню "Мая мара". Паважаная Фея, дапамажы мне раздаць вось гэтыя ружовыя паперкі дзяўчатам, а Знайка раздасць блакітныя запісачкі юнакам. Такім чынам, першая дзяўчына пачынае чытаць тое, што ў яе напісана.
Дзяўчына (чытае). "Я мару танцаваць з найлепшым вучнем нашай школы!"
Снягурка. У каго з хлопчыкаў напісана "Найлепшы вучань нашай школы"? Вас, шаноўны, выбралі. Калі ласка, падыдзіце да дзяўчыны. На астатніх паперках — аналагічна: "Я хачу танцаваць з чэмпіёнам свету па лёгкай атлетыцы" або з вядомым спеваком, папулярным артыстам і г. д. У зале ўсе танцуюць.
Дзед Мароз. Унучка, вельмі весела тут. Хочацца, каб было яшчэ весялей усім без выключэння. Толькі я не памятаю, што зараз павінен гаварыць.
Снягурка. Я табе зараз дапамагу. Вось наша праграма. Чаго тут толькі няма! Танцуйце, гуляйце, спявайце з намі!
Дзед Мароз. Ну, пагуляць мы яшчэ паспеем. Толькі што танцавалі. А ў нас ці ёсць спевакі?
Снягурка. Спевакоў, дзядулечка, даволі. Увазе прысутных можа быць прадстаўлена спецыяльна падрыхтаваная канцэртная праграма або конкурс найлепшых спевакоў школы ці так званы прыезд зорак эстрады, пародыі на якіх зрабілі таленавітыя вучні.
Дзед Мароз (уручае падарункі, пачастункі ўсім самадзейным артыстам). Вось цяпер я вас віншую, і ў шчочачкі цалую, і жадаю вам удачы ў Новым годзе ў народзе. Хто яшчэ жадае выступіць на сцэне? Хто з маіх рук марыць атрымаць ласункі-пачастункі?
Клоун (выбягае з залы на сцэну). Я жадаю прачытаць Снягурачцы свой верш. Я сам напісаў яго ўчора вечарам. Верыце?
Снягурка. Верым. У такі чароўны вечар хіба можна не верыць?
Клоун (становіцца перад Снягуркай на калена, прыціскае абедзве рукі да сэрца, пасля выпроствае іх перад Снягуркай і натхнёна чытае). О ты! О ты! Ты — о! (Узнімае вялікі палец у верх.)
Дзед Мароз (смяецца). Ну, малайчына, рассмяшыў мяне старога, але ж і верш, згадзіцеся, вельмі добры - якраз той, дзе словам цесна, а думкам прасторна (частуе Клоуна цукеркамі). Хто яшчэ, мае сябры, ведае які-небудзь верш, байку, кароценькае апавяданне — абавязкова цікавае, лепш вясёлае і жартоўнае.
Школьныя артысты ў касцюмах розных казачных герояў знаёмяць прысутных са сваімі навагоднімі сюрпрызамі.
Клоун. Я хачу таксама выступіць з уласным нумарам.
Снягурка. Прабач, дарагі, але ты ўжо выступаў. Скажы, што хочаш ад Дзеда Мароза яшчэ гасцінцаў, так?
Клоун. Я проста хачу паказаць такі нумар, якога яшчэ не было ў вашай праграме. Спевакі былі, танцоры - таксама, чытальнікаў - колькі хочаш. Акрабатаў не было, а я - самы лепшы акрабат у свеце. Клоун становіцца на крэсла ў позу ластаўкі, Баба Яга акуратна штурхае яго, ён перакульваецца цераз галаву, аглядваецца — нікога няма. Тры разы Баба Яга і Чорт перашкаджаюць яму. Нарэшце Клоун заўважае іх і прапаноўвае выступіць на сцэне. Казачныя героі паказваюць акрабатычныя нумары, фокусы, ладзяць забавы каля ёлкі, спяваюць вясёлыя прыпеўкі.
Снягурка. Мы так і не заўважылі, як адышлі ад праграмы.
Дзед Мароз. Мілая мая ўнучка Снягурачка, неабавязкова зазіраць у праграму, варта падгледзець само жыццё - і ўсё стане ясна і нават цікава (задаволена пацірае рукі). Вельмі люблю падглядваць і падслухоўваць. Адчыніце заслону!
На сцэне — міліцыянер, побач дзяўчына.
Міліцыянер. Грамадзянка. Прашу вас, адыдзіце з паста. Тут знаходзіцца пабочным асобам забаронена!
Дзяўчына. Я не пабочная асоба. I нікуды я, Саша, не пайду.
Міліцыянер. Ды зразумейце, грамадзянка... Паслухай, Галачка, я ж пры выкананні службовых абавязкаў. Я не з табой павінен размаўляць, а рух рэгуляваць!
Дзяўчына (засмяялася). І ўсё ты выдумляеш! Ну, паглядзі — які гэта рух? Саша, я ж табе тлумачу: бабулька мне сказала, калі хочаш з чалавекам увесь год быць разам, павінна з ім Новы год таксама разам сустрэць. І таму я прыйшла і нікуды не пайду...
Міліцыянер. Забаронена! Увогуле, прайдзіце, грамадзяначка!..
Дзяўчына. Саша, ты мяне кахаеш?
Міліцыянер. Я цябе, Галачка, вельмі нават кахаю, але зразумей жа, няможна табе тут знаходзіцца! Ужо без пяці дванаццаць — капітан Астапчук зараз пасты аб'язджае.
Дзяўчына. А ты затрымай мяне як парушальніка.
Міліцыянер. Без парушэння не магу. Забаронена!
Дзяўчына. Ну і ладна, ну і хай! Ну і заставайся са сваім "забаронена" (пабегла са сцэны).
Міліцыянер. Гала, Галачка! Куды ты? Грамадзянка! Вярніцеся! Тут пераход забаронены! Аштрафую!
Дзяўчына (вяртаецца, усміхаючыся). Праўда, аштрафуеш?
Міліцыянер. Абавязкова!
Дзяўчына. А ў мяне няма грошай.
Міліцыянер. Тады вымушаны затрымаць.
Дзяўчына. Праўда, вымушаны?
Міліцыянер. Так.
Дзяўчына. 3 Новым годам, Саша!
Міліцыянер. 3 Новым годам, Галачка!
Дзед Мароз і Снягурка (разам). 3 Новым годам, сябры!

На сцэне з'яўляюцца усе ўдзельнікі праграмы, віншуюць з Новым годам, з новым шчасцем, спя¬ваюць песню "Мы жадаем шчасця вам". А цераз усю залу Клоун выкочвае ўяўную бочачку, з якой Дзед Мароз разам са Снягуркай раздаюць прызы тым, хто купляў навагоднія латарэі.

З Новым Годам

Вера Буланда

 

Ідзе за годам год імгненна,
І дзень за днём, за ноччу — ноч,
Яны так проста, непасрэдна
Сплываюць разам з нашых воч.

Не паспяваем азірнуцца:
Магчыма, шчасце абышло?
Не здолелі ў свой час прачнуцца
-І кожны дзень нібы назло.

Прыходзіць Новы год.
І шчасце
Не праваронь, не прапусці.
Своечасова будзь у хаце,
Сяброў у госці запрасі.

А трэба некаму спагада,
Дык з дапамогай паспяшы.
І не ўхваляй пагарду, здраду
Ці чэрствасць нечае душы.

Дабро акупіцца.
Няпраўда,
Што над усім пануе злосць.
Шчаслівым станеш неадкладна,
Калі яшчэ надзея ёсць.

Хай збудуцца жаданні, планы,
Расквеціцца ва ўсмешцы твар.
І гэты год доўгачаканы
Мы будзем піць, як той нектар.

Каб толькі мір, пагода ў хаце,
І міма — злосныя вятры.
Дык з Новым годам, з новым шчасцем!
Віншую вас, мае сябры!


Сцэнарыі
Copyright © 2013 Scenaryi.by Усе правы абаронены
Яндекс.Метрика