Лагатып сайту Scenaryi.by
Сцэнарыі     
       Святы восені
       Каляды
       Новы год
       Вясновыя святы
       Вясновыя святы 1
       Дзень перамогі
       Выпускны
       Летнія, купальскія

       Пра мову
Багата, родная ты мова...
Вечарына беларускай мовы і літаратуры
Дзень беларускай мовы
Жывое ў вяках беларускае слова...
Мову матчыну шануйце
Пяшчотная матуліна мова
Спачатку было слова
Сказаў як звязаў
Роднай мовы пералівы
Казачны карагод
"Крылаў не мае, а хутка лятае"
Звіні, мая светлая родная мова!
«...Гдзе ж цяпер Беларусь? ...
Гдзе наша мова жывець...»

"Дзве мовы сталі блізкімі мне з малку..."
Размаўляй са мной па беларуску!
"Словы родныя люблю я..."
Мову родную, край свой любіце
Пакланіся добрым людзям

       Юбілеі вядомых людзей
       Розныя

М. П. ОСІПАВА, прафесар, 3. М. ПАНАСЕВІЧ, старты выкладчык. Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна. Пачатковая школа 6.2003

Звіні, мая светлая родная мова!

Задачы: далучаць дзяцей да духоўных скарбаў свайго народа; фарміраваць цікавасць і павагу да роднага слова, беларускай мовы як актыўнага сродку патрыятычнага і нацыянальнага выхавання.
Падрыхтоўчая работа.  Вучні падбіраюць вершы, апавяданні, легенды, прыказкі аб мове.

Прыкладныя   этапы   літаратурна-музычнай кампазіцыі:

Першы этап.   "Рэспубліка Беларусь".

Дзеці адказваюць на пытанні: як называюць нашу краіну, яе жыхароў? Чым славіцца Рэспубліка Беларусь? Затым вучні чытаюць верш М. Пазнякова        "Беларусь".

1 -ы чытальнік.
Усяму вядомы свету
Наш руплівы край здавён.
Тут на сонечных палетках
Спеюць бульба, жыта, лён...
2-і чытальнік.
Тут Дняпро бяжыць прывольна,
Сож, Бярэзіна, Дзвіна,
Прыпяць, Шчара, Свіслач, Нёман,
Вілля, Піна, Буг, Дзісна...
3-і чытальнік.
Тут крыштальныя азёры —
Нарач, Свіслач, Снуды, Свір...
Полацк — наш найпершы горад,
Віцебск, Тураў, Кобрын, Мір...
4-ы чытальнік.
Тут умельцы вырабляюць
Слаўны трактар "Беларусь".
Тут ствараюцца БелАЗы —
Трохсоттонны везці груз...
5-ы чытальнік.
Тут сыны ляцяць у космас,
Песні матчыны пяюць.
Гэты край наш найдзівосны
Беларуссю ўсе завуць.

  Настаўнік нагадвае некаторыя гістарычныя  даныя аб мове: беларуская мова, як і мова суседзяў — украінцаў і рускіх, пачала складвацца яшчэ ў XIII стагоддзі. У Вялікім княстве Літоўскім (XV — XVI ст.ст.) беларуская мова была дзяржаўнай. На ёй вяліся справаводства, судаводства, дыпламатычная перапіска і да т. п.

Другі этап. "Роднага слова гаючая сіла".

Гучыць песня "У бацькоўскім кутку" (словы Н. Гілевіча, музыка I. Лучанка).

Вучні абмяркоўваюць адказы на пытанні: чаму мову называюць душой народа, найвялікшым нацыянальным скарбам? Як разумець выраз "пакуль жыве мова, жыве і народ"? Ці можна пагадзіцца з меркаваннем Л. М. Талстога: "Мова —гэта сродак мыслення. Абыходзіца з мовай абы як — значыць і мысліць абы-як: недакладна, прыблізна, няправільна"? Як вы ставіцеся да наказу Цёткі (Э. Пашкевіч): "На вас — моладзі — ляжыць вялікая павіннасць: развіваць далей родную мову"? Адказы каменціруюцца.

Трэці этап. "Волаты слова народнага".

Настаўнік прадстаўляе літаратуру аб нашых вядомых паэтах і пісьменніках, такіх, як Я. Купала, Я. Колас, К. Крапіва, М. Лынькоў і інш., і іх творы. Дзеці расказваюць аб гэтых пісьменніках, іх адносінах да мовы. Напрыклад: Якуб Колас: "Роднае слова — гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет. Вось чаму нам неабходна так старанна вывучаць сваю родную мову, ведаць і любіць лепшыя творы беларускай літаратуры".

Пятрусь Броўка:
У любімай мове, роднай, наскай,      
Ах, якія словы: "Калі ласка!.."
Як звіняць яны сардэчнаю
струною,
Праз усё жыццё ідуць са мною...
— Калі ласка! — нашай роднай
мовы
Шчырыя і ветлівыя словы.

Чацвёрты этап. "Беларускае слова".

Праводзіцца гульня "Назаві слова".

Вядучы.
Як цудоўна гэта, дзеці,
Што ёсць літары на свеце —
Зычныя, галосныя!
Да адной адну дадаць —
Можна словы з іх складаць —
Смешныя, сур'ёзныя!
Слова — ты,
Слова — я,

Пачынаецца гульня.

Вучань, на якога паказаў вядучы, называе слова, наступны вучань называе слова, што пачынаецца з літары, якой заканчваецца папярэдняе. I г. д.

Пяты этап. "Ты мой боль святы, Беларусь мая".

Чытаюцца ўрыўкі з вершаў аб Беларусі, аб яе мове Г. Бураўкіна, Л. Геніюш, X. Чэрні.

1 -ы чытальнік.
Слова наша роднае, хапала
На стагоддзі доўгія цябе.
Багдановіч, Колас і Купала
Прыпадалі да цябе ў журбе.
2-і чытальнік.
Мова продкаў нашых
і нашчадкаў —
Шэпт дубровы і пчаліны звон, —
Нам цябе ласкава і ашчадна
Спазнаваць ажно да скону дзён.
3-і чытальнік.
Вучаць у школе замежныя мовы
Дзеці. А я з хваляваннем жыву:
Як бы яны не забыліся словы
Тыя, што родную зораць канву.
4-ы чытальнік.
Адзінай мэты не зракуся,
I сэрца мне не задрыжыць!
Як жыць — дык жыць для Беларусі,
А без яе — зусім не жыць!

Гучыць песня "Мой родны кут" (сл. Я. Коласа, муз. I. Лучанка).

Парады арганізатарам:

  1. Максімальна ўключыце дзяцей у падрыхтоўку літаратурна-музычнай кампазіцыі.
  2. 3 мэтай актывізацыі маўленчай дзейнасці   размяркуйце матэрыял так, каб кожны з вучняў пабываў у ролі чытальніка.
  3. Правядзіце падрыхтоўчую ра­боту так, каб вучні зразумелі, што мо­ва — гэта духоўны скарб народа.

Сцэнарыі
Copyright © 2013 Scenaryi.by Усе правы абаронены
Яндекс.Метрика