Лагатып сайту Scenaryi.by
Сцэнарыі     
       Святы восені
       Каляды
       Новы год
       Вясновыя святы
       Вясновыя святы 1
       Дзень перамогі
       Выпускны
       Летнія, купальскія

       Пра мову
Багата, родная ты мова...
Вечарына беларускай мовы і літаратуры
Дзень беларускай мовы
Жывое ў вяках беларускае слова...
Мову матчыну шануйце
Пяшчотная матуліна мова
Спачатку было слова
Сказаў як звязаў
Роднай мовы пералівы
Казачны карагод
"Крылаў не мае, а хутка лятае"
Звіні, мая светлая родная мова!
«...Гдзе ж цяпер Беларусь? ...
Гдзе наша мова жывець...»

"Дзве мовы сталі блізкімі мне з малку..."
Размаўляй са мной па беларуску!
"Словы родныя люблю я..."
Мову родную, край свой любіце
Пакланіся добрым людзям

       Юбілеі вядомых людзей
       Розныя

Н. С. СТАРЖЫНСКАЯ, доктар педагагічных навук, прафесар. г. Мінск

"Крылаў не мае, а хутка лятае"

Знаёмства першакласнікаў са словам

Фарміраванне паняцця "слова", г. зн. сапраўды лінгвістычнага стаўлення да слова, можа адбывацца толькі пры сістэматычным вывучэнні курса мовы. У адносінах да шасцігодак, падкрэсліваў даследчык дзіцячага маўлення Ф. А. Сахін, гаворка ідзе пра фарміраванне ў іх уяўлення пра значэнне слова "слова" — мінімуму прыкмет, па якіх можна адрозніць слова ад няслова (склада, гука, сказа). Настаўнік не дае вучням агульнага правіла ўжывання імені (слова), а толькі ілюструе правільныя выпадкі яго ўжывання. Значэнне слова "слова" раскрываецца пры дапамозе розных прыкладаў, дэманстрацыі нагляднасці, замацоўваецца ў дыдактычных практыкаваннях і слоўных гульнях. 3 гэтай мэтай выкарыстоўваюцца і вершы, якія знаёмяць шасцігадовых школьнікаў са словам, паказваюць практычную значнасць слова, раскрываюць слова як сэнсавую адзінку мовы.

"Падкажы слоўца"

Мэта: звярнуць увагу першакласнікаў на тое, што ў маўленні ўжываюцца словы; вучыць падбіраць патрэбныя словы ў рыфму.
Настаўнік папярэджвае, што будзе задаваць пытанні, на якія дзеці павінны адказаць адным словам. Пасля кожнага адказу зазначае: "Пеця падказаў мне слова сонца. Малайчына! Правільна падказала мне Каця слова вецер".

Хто зірнуў так рана ў аконца? (Сонца.)
Хто гуляе ўсюды па свеце? (Вецер.)
Хто нас поіць празрыстай вадзіцай? (Крыніца.)
Хто стаіць у зялёных іголках? (Елка.)
Хто дзяцей даглядае ў хаце? (Маці.)
Хто купляе цукеркі і цацкі? (Бацька.)
Хто расце паслухмянай дзяўчынкай? (Нінка.)
Хто старанна чытае і піша? (Міша.)
С. Пацёмкін.

Якога слова не хапае?

Мэта: паказаць, што ёсць асаблівы свет — свет слоў, які адрозніваецца ад прадметнага свету; вучыць падбіраць назоўнікі да прыметнікаў.
Настаўнік просіць дзяцей агледзецца і сказаць, што знаходзіцца вакол. (Свабодныя выказванні вучняў.)

Сапраўды, вакол нас знаходзяцца розныя рэчы, прадметы. I ўсе яны маюць назвы. Усё можна назваць
рознымі словамі.

Мы чуем іх і тут і там,
На вуліцы і дома:
Адны — даўно вядомыя,
Другія — незнаёмыя.
А. Шыбаеў.

Прадмет і слова — гэта адно і тое ж? (Свабодныя выказванні дзяцей.) Прадметы зроблены з розных
матэрыялаў. 3 чаго зроблены мяч? (3 гумы.) 3 мячом можна пагуляць. А ці можна гэтак жа пагуляць са словам
мяч? 3 чаго выпечаны хлеб? (3 мукі.) Хлеб можна з'есці. А слова хлебможна з'есці? Не, яно не выпечана з мукі.
Яго можна толькі вымавіць. Што можа рабіць сапраўдны кот? (Мяўкаць, піць малачко, гуляць.) Ці можа мяўкаць
слова кот? А з чаго ж будуюцца словы? Яны будуюцца з гукаў.

Паэт Міхаіл Пляцкоўскі прыдумаў цікавую гульню са словамі. Паслухайце яго верш "Якія бываюць словы".

Настаўнік чытае верш, дэманструючы адпаведныя малюнкі і даючы магчымасць дзецям самім закончыць радок:

Ёсць хуткае слова — ракета.
Касмічнае слова... (планета).
Ёсць кіслае слова... (лімон).
Ёсць слова з акенцам... (вагон).
Ёсць слова калючае... (вожык).
Ёсць слова прамоклае...
(дожджык).

Ёсць слова зялёнае... (елка).
Ёсць трапнае слова... (стрэлка).
Ёсць кніжнае слова... (старонка).
Ашчаднае слова — скарбонка.
Ёсць слова пушыстае... (снег).
Ёсць слова вясёлае — смех.

— Ці сапраўды слова ракетахуткае? Што можа быць хуткім? (Ракета, машына, вецер.)А што можа быць зялёным? (Елка, трава, кракадзіл, плот.) Ці могуць словы быць хуткімі, круглымі, зялёнымі, пушыстымі, прамоклымі? Падкажыце слова ў вершы.

Самае чыстае —
Гэта крыніца.
Самае строгае —
Гэта граніца.
Самае смачнае —
Хлеб наш жытнёвы.
Самае моцнае —
Чэснае... (слова).
М. Гелер.

Дык якое слова моцнае? Можна сказаць чэснае слова, а можна — слова гонару. Чаму чэснае слова, слова гонару самыя моцныя? Як вы думаеце, чаму пра слова гавораць: "Крылаў не маю, а хутка лятаю, сам мяне выпусціш, ды потым не зловіш"?

Найдаражэйшыя словы

Мэта: фарміраваць у дзяцей уяўленне аб слове слова; вучыць падбіраць розныя словы для абазначэння мамы, падбіраць да слова мамаазначэнні.

Настаўнік пераконвае вучняў, што яны ведаюць шмат розных слоў: якія назвы прадметаў вы ведаеце? Якія назвы колераў? Якія назвы смаку? Якія назвы дзеянняў? Сярод слоў, якія мы ведаем, ёсць самыя галоўныя, самыя дарагія, самыя важныя. Якое слова самае дарагое для ўсіх дзяцей на свеце? (Выказванні дзяцей.) Паэт Мікола Хведаровіч напісаў верш, які так і называецца — "Дарагое імя".

Свеціць, як сонца,
Ад самай калыскі
Вобраз любімы,
Родны і блізкі.
Маміна імя
Самае лепшае,
Маміна слова
Найдаражэйшае.
Мама! Матуля!
Чароўнае слова
Песняй ласкавай
Гучыць на ўсіх мовах.

Якое ж слова самае дарагое? Як можна назваць маму? (Мама, матуля, мамуся, мамка, матанька, мамачка.)
А вось яшчэ адзін верш пра маму. Напісаў яго паэт Леанід Пранчак.

Словы цёплыя знайду
I пра маму верш складу.
Мілая, пяшчотная
Мамка мая родная.
Светлая зараначка
 Дарагая мамачка.

—  Якія словы падабрала дзіця, каб расказаць пра сваю мамачку? Чаму гэтыя словы называюцца цёплымі? Падбярыце і вы цёплыя словы пра сваіх матуль. Слова мама— самае галоўнае ў нашым жыцці. Але ёсць яшчэ  вельмі  важныя  словы.   Паэт Мар'ян Дукса напісаў верш, які называецца "Галоўныя словы":

Я слоўнік вялікі прачытваю зноў —
Якіх там, якіх там няма толькі слоў!
Чытаю і думаю, хмурачы бровы:
Якія ж з іх будуць галоўныя словы?
Якія? Гадаю, ды думкі — што вір.
А словы галоўныя — "мама" і "мір".

Якія галоўныя словы называюцца ў вершы? (Мама, мір.) Пра гэтыя і іншыя галоўныя словы складзена шмат вершаў. Адзін з іх напісаў Васіль Жуковіч.

Мір, Радзіма, мама —
усяму аснова.
Мір, Радзіма, мама —
нам святыя словы.
Замяніць і страціць нельга, немагчыма
першыя паняцці: мама, мір, Радзіма.

Значыць, галоўныя, святыя словы — гэта... (мама, мір, Радзіма). Якія яшчэ словы можна назваць галоўнымі? (Выказванні вучняў.)

Як называецца наша Радзіма? (Беларусь.) Гэта таксама галоўнае, святое для нас слова. Пятрусь Броўка напісаў пра нашу Радзіму   Беларусь   чуллівыя   радкі. Паслухайце іх і завучыце на памяць.

Змалку звалі цябе
Мы сваёю радзімаю.
Беларусь, Беларусь,
Як ты сэрцу любімая.

Ветлівыя словы

Мэта: працягваць фарміраваць у дзяцей уяўленне аб слове слова.

Нагадаўшы вучням, што яны ведаюць шмат розных слоў, настаўнік пытаецца: якія з іх найбольш важныя, галоўныя? (Мама, Радзіма, мір, Беларусь.)
Ёсць яшчэ вельмі важныя словы, — працягвае педагог, — якія кожны  павінен  ведаць.  Гэтым словам
прысвяціў верш Уладзімір Паўлаў.

Век дзяліся тым, што маеш, —
Хлебам-соллю,
Казкай-краскай.
Ну, а ў госці запрашаеш,
Гавары ўсім:
— Калі ласка!
А з табой як тое будзе,
То за шчодры знак усякі
Пакланіся добрым людзям
I скажы ім шчыра:
Дзякуй!

Усе ветлівыя людзі помняць пра словы дзякуй, калі ласка. Яны называюцца словамі ветлівасці. Якія яшчэ
словы ветлівасці вы ведаеце? Калі іх трэба гаварыць? (Выказванні дзяцей.) Я вам прачытаю верш Васіля
Віткі "Чатыры пажаданні", а вы мне будзеце падказваць словы ветлівасці.

Добра, калі ты змалку
Можаш вітаць людзей.
Раніцай:
Добрага... (ранку)
I апаўдня:
Добры... (дзень)
Увечары пры сустрэчы
Знаёмым сказаць...
(Добрывечар!)
А соннаму сонейку нанач
I ўсім добрым людзям...
(Дабранач!)

Якія чатыры пажаданні выказаў паэт? На жаль, не ўсе дзеці памятаюць пра ветлівыя словы. Пра аднаго
такога хлопчыка быў складзены верш:

Баба ўнука частавала,
Сыр і мёд — усё давала.
Той, наеўшыся прысмакаў,
 Не сказаў за гэта... (дзякуй).
Ён забыўся, бабчын госць,
 Што такое слова ёсць.
М. Валько.

Пра якое слова забыў унук? (Пра слова дзякуй.) Аднак не ўсе такія забыўчывыя. Мікола Чарняўскі напісаў жартоўны верш пра ката, які помніў гэтае чароўнае слова.

Кот Мацей пад лаўкаю
Скварку з'еў
I мяўкае:
Дзякуй, бабка!
Дзякуй, дзед!
Дзякуй, Данік, за абед!

Чаму трэба гаварыць ветлівыя словы? (Выказванні вучняў.) Ветлівыя словы яшчэ называюць чароўнымі.
Яны, нібы чароўныя ключы, адмыкаюць сэрцы людзей.

Сэрцы, нібы дзверы,
Можна адмыкаць,
Трэба толькі ведаць,
Дзе ключы шукаць.
 "Калі ласка", "дзякуй"
Вось яны, ключы!
Ты іх, калі ласка,
Добра завучы.
А. Стодарт.

"Калі ласка", "дзякуй",
"Добры дзень" —
Ветлівыя словы
Чую ад людзей.
Я таксама буду імі даражыць:
3 ветлівымі словамі
Лёгка жыць.
Т. Кляшторная.

Чаму з ветлівымі словамі лёгка жыць? (Выказванні дзяцей.)

Верш Т. Кляшторнай "Ветлівыя словы" школьнікі завучваюць на памяць.

"А я прыдумаў слова"

Мэта: паказаць, што слова мае сэнс, абазначае нейкі прадмет, з'яву, дзеянне, якасць.

Настаўнік пытаецца ў дзяцей: як мы адрозніваем адзін прадмет ад другога? (Выказванні вучняў.)
— Кожны прадмет мае сваю назву, кожнае слова нешта абазначае. Што абазначае слова мяч? А што абазначае слова ручка? Што абазначае слова   карамель?   Паслухайце,   як спрабавалі растлумачыць слова карамельзвяры ў заапарку.

У звярынцы шум і гам:
Жыхары пачулі там,
Што з-за трыдзевяць зямель
Ім прывезлі карамель.

Карамель? Усім цікава:
Гэта што яшчэ за з'ява?
I сказала малпа Чыка:
— Гэта страшны звер, вялікі.

Качка Каха з ёй не згодна:
Гэта птушка, верагодна.
Тут авечка як заскача:
Карам-м-мель — баран,
няйначай!

Мыш забегала па клетцы:
Можа, кошка так завецца?
Барадой казёл трасе:
Гэта дурань, як вы ўсе!

Тут мядзведзь пачаў бурчаць:
— Карамелі каб не знаць?
Недарэчы заварушка:
Карамель — не звер, не птушка,
А цукеркі!
Т. Каламіец.

— Бачыце, што можа атрымацца, калі не ведаць, што абазначае слова. Малпа Чыка думала, што карамель —
гэта... (страшны звер, вялікі), качка Каха вырашыла, што карамель — гэта... (птушка) і г. д.

Паслухайце верш Ірыны Такмаковай, у якім адзін хлопчык спрабуе растлумачыць розныя словы.

Лыжка — гэта лыжка,
Лыжкай суп ядуць.
Мышка — гэта мышка,
Мышкі сыр крадуць.
Тапкі — гэта тапкі,
Тапак на назе.
Шапка — гэта шапка,
Сядзіць на галаве.

— Растлумачце па-свойму словы "лыжка", "мышка", "тапкі", "шапка". Назавіце розныя словы — назвы цацак, вучэбных прылад, электрапрыбораў. Скажыце, для чаго патрэбны гэтыя прадметы.
У верша Ірыны Такмаковай ёсць працяг. Паслухайце, што здолеў зрабіць хлопчык:

А я прыдумаў слова,
Прастое слова — плім.
I паўтараю зноў я —
Плім, плім, плім.
Вось скача па падлозе
Плім, плім, плім.
Не значыць анічога
Плім, плім, плім.

Вымавіце слова "плім". Гэта сапраўднае слова ці прыдуманае? Што яно абазначае? Прадмет? Жывёлу? Расліну?
Так, слова "плім" несапраўднае. Яго нельга растлумачыць. Слова "плім" проста прыдумаў хлопчык, каб пагуляць. А вы можаце прыдумаць слова, якое нічога не абазначае?
Вы прыдумалі словы, якія нічога не абазначаюць. А што абазначае слова нічога? (Адказы дзяцей.) Сапраўды, гэтае слова цяжка растлумачыць. Паслухайце жартоўны верш, які так і называецца "Пра нічога".

Жыло-было нічога
— Не ведала нічога,
Не думала нічога.
Туды-сюды яно хадзіла
I ні з кім не гаварыла.
Нікога ў свеце не любіла,
Лепш за ўсіх сябе любіла.
А пра гэтае нічога
I сказаць нельга
Ні — чо — га!

Паводле I. Міхалёва. 

*Прапанаваны слоўны матэрыял размяркоўваецца на некалькі ўрокаў. Загадкі можна аб'яднаць у тэматычныя групы з мэтай далейшага абагульнення відавых паняццяў (слоў-адгадак) у радавыя (цацкі, жывёлы і да т. п.). Словы-адгадкі выкарыстоўваюцца і для вылучэння таго ці іншага гука. У якасці загадак можна прапаноўваць любыя знаёмыя дзецям вершы, у якіх не дагаворваецца апошняе слова.

Сцэнарыі
Copyright © 2013 Scenaryi.by Усе правы абаронены
Яндекс.Метрика