Лагатып сайту Scenaryi.by
Сцэнарыі     
       Святы восені
       Каляды
       Новы год
       Вясновыя святы
       Вясновыя святы 1
       Дзень перамогі

       Выпускны
Бывай, дзіцячы сад, бы-вай!
Бывай школа
Бывай, пачатковая школа!
Вандроўка ў краіну цудаў-ведаў
Дзякуй мой чацвёрты клас.
Званок апошні кліча ў далягляд
"Зямля ў сукенцы беленькай бяжыць на выпускны"
Першая кніга буквар.
"Прыгажэйце, кахайце, спадзявайцеся і маладзейце..."
Развітанне з пачатковай школай
Свята апошняга званка
"Школьны баль, я прашу, не канчайся!"
Як дзеці Васю Лайдачніка ад Нуля выратавалі

       Летнія, купальскія
А мы жыта жалі, жыта дажыналі
Багач
Бывай лета!
Дажынкі
Два караблі
"На купалу ночка мала"
Траецкае гулянне - для ўсіх замілаванне
Традыцыйныя абрады.Купалле
Купальскі карагод
Купальскія гульні
"Як улетку на купалу..."

       Пра мову
       Юбілеі вядомых людзей
       Розныя

Ірэна Уладзіміраўна Моніна мастак народнай творчасці, выкладчык спецдысцыплінаў гімназіі 23 г. Мінска. Роднае слова 4. 2005

"НА КУПАЛУ НОЧКА МАЛА"

СЦЭНАР ЛЕТНЯГА НАРОДНАГА СВЯТА

Парады да арганізацыі

Выкарыстанне каляндарнай абраднасці ў школе — гэта ідэйна-творчы працэс далучэння да найлепшых этнічных і грамадзянскіх традыцый. Матэрыялу пра Купалле шмат, таму пажадана крытычна выбіраць патрэбнае з акадэмічных запісаў і каментараў. У розныя гады планы Акадэміі навук падганяліся пад рашэнні з'ездаў КПСС. Нядзіўна, што ў асобных выданнях змешчаны тыя звычаі розных плямёнаў, што не супярэчылі канцэпцыі савецкіх расейскіх вучоных. Вось чаму амаль няма звестак пра Панямонне, якое М. Ламаносаў лічыў радзімай Росі - Русі і самога Рурыка1. Найбольш каштоўныя — дарэвалюцыйныя запісы, тэксты Р. Шырмы, Г. Цітовіча, А. Ліса, жывыя ўспаміны карэнных жыхароў.

Беларускую міфалогію зацікаўлена даследуе Т. Шамякіна, якая разглядае славянскую духоўную спадчыну ў святле глабальных цывілізацый. Мала хто ведае нашы агульнаіндаеўрапейскія карані. Так, ёсць думка, што балты — гэта нараджэнцы Балтыстана, інакш "Малога Тыбета" у Кашміры.
На Беларусі ёсць вёскі Чамары, Чамяры, Чамялы. А чамар — чалавек з касты дубільшчыкаў і кушняроў. Шмат іншых назваў, слоў з цягам часу страцілі свой першапачатковы сэнс. У нас ёсць рэкі Нара, Шчара. А на санскрыце Шчара — гэта святая вада. Ра, Нара і Нараяна — імёны найвышэйшага Бога-пераможцы. Але за паўтара тысячагоддзя ў купальскай песні гэта назва была падменена, і мы спяваем "Ой, рана на Ивана" замест свяшчэнных слоў пра Ра і Нараяна, якімі і ўслаўлялі нашы продкі Сонца — пераможцу над цемрай. 20 — 24 чэрвеня Сонца знаходзіцца ў апагеі, яно "грае", і ноч на Беларусі ледзь прыкметная. Успомніце Я. Коласа: "На усходзе неба грае пераліўным блескам, сыпле золата над гаем...". У народнага паэта тут і далей скрозь свяшчэнныя сімвалы — неба, гай, гранне, Пан Бог, прырода і інш.

Дык вось, Купалле — гэта адно з двух найвялікшых сонечных святаў беларускага этнасу. Кола, Каляда, Купала — гэта светлая вера ў перамогу святла і дабра над ліхам, у несмяротнасць цеплыні і чысціні. Людзі лічылі, што ўсе хваробы на Купалле здымае раса, у назве якой захаваны Сонца, і вада, і настрой ачышчэння. Да гэтага самага часу прымыкае і русальская міфалогія, звязаная з Сонцам і вадою. Тое, што Ў розных мясцінах русальныя і купальскія звы­чаі захаваліся ў няроўных прапорцыях, абумоўлена дзвюма прычынамі: беларускія плямёны прыходзілі з розных тэрыторый і сяліліся на адрозных мясцінах.
Сёння палескія міфалагічныя вобразы непадобныя на панямонскія і паазерскія. I ўсё ж этнічнае адзінства беларусаў мае спрадвечную традыцыю, якая ўзыходзіць да Сонца і вады.

Вобразы-сімвалы купальскага абраду звязаны са святлом і пераможанай цемрай. Агонь і ліхая сіла, гаючыя расліны і небяспека, кепскія ўчынкі, памылкі і ачышчальная радасць... Усё гэта знаходзім мы ў абрадавых спевах, гульнях і паданнях. Задача выхаваўчага мерапрыемства — даць вучням веды і сістэматызаваць іх пры арганіза­цыі свята. Адно без другога губляе сэнс і духоўнасць, можа ператварыцца ў хуліганства на прыродзе. У той самы час паслядоўнае ўзнаўленне міфалагічнага сэнсу ў стасунках моладзі на Купал­ле з'яўляецца незвычайна моцным назапашваннем духоўнасці і інтэлекту.

Методыка падрыхтоўкі да Купалля тая самая, што і пры падрыхтоўцы да спектакля. Чытаецца тэкст, тлумачацца вобразы, акрэсліваюцца характары, падбіраецца і асэнсоўваецца рэквізіт, пазначаюцца праходы па сцэне-прыродзе. Адбор вучняў робіцца пры знаёмстве са сцэнарам. Абрадавае дзейства павінна захавацца ў іх душы і памяці на ўсё жыццё. Яны настройваюцца на свята кожны дзень. Варта расказаць школьнікам пра парны прынцып удзелу: Купалле святкуюць парамі, толькі шалапутныя збіваюцца ў зграі, як нячыстая сіла, а ўсе разумныя і шчырыя ідуць парамі, каб ушанаваць будучыню, ад вечную, як Сонца, як світанне.

Сонечны змест купальскага свята закладзены ў галоўным сімвале — вогнішчы. 3 паўдня на месцы галоўнага збору яно складаецца з захаваннем рытуальных патрабаванняў. Дзяўчаты-завадатаркі ўпрыгожваюць вянком з кветак старое кола, абавязкова драўлянае. Гэты імправізаваны вянок узнімаецца на жардзіне, якую ўкопваюць у зямлю. Падкрэсліваем, што мацаванне для жэрдкі рыхтуецца загадзя (ямка, утулка, металічнай труба), каб яна лёгка ўстаўлялася, бо наверсе ж цяжкое кола! Потым укладаюцца дровы - да двух, трох метраў угору конусам. 3 гэ­тага моманту падрыхтаванае вогнішча трэба пільна ахоўваць. Сёння небяспечны і пажар, і проста хуліганства. Вогнішча абкопваецца па крузе. Месца для вогнішча і пляц для гуляння выбіраюцца (з удзелам кіраўніка адміністрацыі рэгіёну, які ўстанаўлівае службовы нагляд) ля вады на адкрытым месцы, ачышчаюцца ад усялякага смецця, што зносяць у невялікае вогнішча воддаль, лепш пры дарозе да гульбішча, каб кожны мог кінуць у ачышчальны агонь "усё ліхое". Можна зрабіць праход паміж двума невялікімі вогнішчамі, каб, збочваючы на свята, госці ведалі, што яны кідаюць у агонь усё ліхое і нежаданае, усе напасці і хваробы. Дзяжурныя тут падказваюць: усё ліхое ў агонь са смеццем, да Купалы - з чыстым сэрцам. У агонь гады кіда­юць брудныя анучкі. паперкі, адкідаючы ад сябе на цэлы год усё ліхое. Дзяўчаты прыходзяць з кветкамі, кожнай павінна хапіць на два вянкі — сабе і кавалеру.

Адзенне на Купалле — святочнае. Спецыяльна падрыхтаваныя "нячысцікі" могуць мець маскі, каб палохаць людзей і красці галавешкі з урачыстага агню пад колам. Хлопцы, ідучы на свята, падпяразваюцца палыном, калі нясуць ці вязуць на адным возіку смецце - грахі для спальвання.
Кошыкі з напоямі і ежай накрыты чыстымі ручнікамі, надзежнікамі, посцілкамі.

Арганізатары абавязкова павінны захапіць на свята медыкаменты. Калі святкуюць больш як 12 чалавек, неабходна забяспечыць хуткую сувязь са службамі надзвычайных сітуацый і медыцыны. Таксама трэба мець ваду і вогнетушыльнік.
Рэквізіт дапаўняецца падманнымі блукальнымі агеньчыкамі, якія імітуюць папараць-кветку. Яны ахоўваюцца і аберагаюцца "нячысцікамі". Тканы пояс, сувенір для заручынаў, прысмакі для прызоў спатрэбяцца падчас карагодаў і гульняў.

Сцэнар свята

Паслядоўнасць святочных дзеянняў: вітанне Купалінкі; запальванне Агню; пусканне вянкоў; пошукі Папараць-кветкі.

Спачатку гучыць мелодыя, потым спяваючы, парамі ідуць дзяўчаты і хлопцы, ля вогнішча разыходзяцца на дна бакі, утвараючы два паўколы карагода.
Нара-Нараяна!
Па Купалу ночка мала.
Нара-Нараяна.
Нара-Нараяна*.
*     Паўтараецца двойчы пасля кожнага радка.

-   Дзе Купала начавала?
Начавала ў чыстым полі.
У чыстым полі сярод жыта.
Чым Купала вячэрала?
Вячэрала красою.
Чым Купала запівала?
Запівала расою.
Нара-Нараяна.

Гучыць мелодыя Купалінкі.
Хлопцы.
Купалачка- Купал ачка!
Дзе ж твая дочка?
Дзяўчаты.
А у гародзе на пагодзе
Красачкі рве.
Хлопцы.
Купалачка-Купалачка!
Дзе ж твая дочка?
Дзяўчаты.
А на ганку яшчэ з ранку
Вяночкі ўе.
Хлопцы.
Купалачка-Купалачка!
Дзе ж твая дочка?
Дзяўчаты.
Звіўшы вяночак,
Пайшла ў таночак.
Усе.
Кветачкі рве.
Вяночкі ўе.
Усім дзяўчатам па вяночку!
Усе разам у таночку!

Карагод злучаецца вакол вогнішча, потым разыходзіцца - наперад выходзіць, Купалінка.

Купалінка.
Нараяна-Купала,
Нараяна-Сонца грала.
Усе. Нараяна-Сонца грала.
Куналінка.
Рана-рана Сонца грала.
На добрыя гады.
Усе. На добрыя гады.
Купалінка.' На цёплыя росы.
Усе. На цёплыя росы.
Купалінка. На хлябы-ўраджаі.
Усе.
На хлябы-ўраджаі.
Рана Сонца грала,
Рана-рана-Нараяна.
Нараяна-Купала!

Далей ідзе пераклічка галасоў і хору, у залежнасці ад рэжысуры і магчымасці жывога спеву.

Па Купалле сонца йграла,
Нараяна-Сонца играла!
Іграй, Сонца, прыгажэнька,
Нараяна, прыгажэнька!
Ды шлі лецейка цяпленька,
Нараяна, шлі цяпленька.
Радзі жыта поўны засек,
Нараяна, поўны засек.
Дай нам лёну поўны клеці,
Нараяна, поўны клеці.
Іграй, Сонца-Нараяна,
Іграй рана, Нараяна!
Купалінка.
Купала-Нараяна!
Зайграй, Сонейка, рана!
Нараяна-Купала,
Каб зямля дрыжала,
Каб у ясным небе звінела
Ад дзявоцкага гуляння,
Ад жаноцкага спявання!
Купала-Нараяна!
Іграй, Сонейка, да рана!
Усе (прыпяваюць магічны. заклік). Купала-Нараяна! Іграй, Сонейка, да рана! Нара-Нара-Нараяна! Купалу-алалу да рана!
Успыхвае свяшчэнны Агонь.
Усе.
А на Купалу
Рана Сонца іграла —
Рана Сонца іграла,
На добрыя гады,
На добрыя гады,
На цёплыя росы — :
На цёплыя росы,
На хлябы-ўраджаі —
На хлябы-ўраджаі.

У карагоднай традыцыі — гэта дыялог хлопцаў і дзяўчат.
Тут выскокваюць Нячысцікі і перадражніваюць спеў на свой лад.

Нячысцікі.
Да не будзе. лецечка,
Да ніводнага дзянёчка,
Да не будзе ягадак,
Ніводнае ягадкі.
Да не будзе дзевак,
Да ніводнае дзеванькі!
Купалінка.
Ягадкі з расы пойдуць,
Дзеванькі замуж пойдуць!
А ліхія людзі
У Пекла пойдуць!
Усе.
Кыш, нячыста сіла,
Каб цябе па Пекле насіла!

Узварушваюць агонь. Нячысцікі з віскам знікаюць у цемры.

Дзяўчаты.
Малая ночка Купалночка,
Нашы малойцы не выспаліся,
За валамі ідуць хліпаючы,
Хвастамі вочы праціраючы.
Быцю, быцю, пазыч хваста,
Патры вочы пасля ночы.
Бяліка ночка Куналночка,
Нашыя дзеванькі выспаліся.
За валамі ідуць спяваючы,
Шолкам хустанькі вышываючы.
Хлопцы.
Купала-Нараяна,
На Купалу Сонца гуляла,
Сонца-Нараяна,
Над [вёскаю]* колам стаяла.
* Звычайна (тут і далей у квадратных дужках) спявалася назва суседняга паселішча.

Купала-Нараяна,
Ой у [вёсцы] хлопцы белы,
Купала-Нараяна,
Хлопцы белы, дзяўчатам мілы,
Купала-Нараяна:
Дзяўчаты.
На Купалу Сонца гуляла,
Купала-Нараяна,
Над [вёскаю] колам стаяла.
Купала-Нараяна,
Ой у [вёсцы] дзеўкі красны,
Дзеўкі красны, хлопцы страшны,
Купала-Нараяна.
 Усе.
Нараяна — ночка невялічка,
Купала.
Нашы' дзевачкі ўсю ноч не спалі,       
Купала.
Ім зязюленькі ўсё шчабяталі,
Купала.
Дзевачкі, рана замуж не йдзіце,
Купала.
Дзевачкі, з ружы вяночкі не віце,
Купала.
Віце вяночкі із чабору,
Купала.
Ідзіце замуж ды упору,
Купала.
Удзельнікі пачынаюць гульню-карагод "Што Янок робіць?".
Купала, дзе Янок? — Косы клепле.
На што яму косы? — Сена касіць.
На што яму сена? — Кароў карміць.
На што яму каровы? — Дзетак карміць.
На што яму дзеці? — Краскі ірваць.
На што яму краскі? — Свіней карміць.
На што яму свінні? — Горы рыць.
Што ў тых тарах? - Жамчужная ступка.
Што ў той ступцы? - Палівана міска.
Што ў той місцы? — Макава зерне.
Дзе тое зерне? — А певень скляваў.
Дзе той певень? - На мора паляцеў.
Дзе тое мора? — Краскамі зарасло.
А дзе тыя краскі? — Дзеўкі парвалі.
А дзе тыя дзеўкі? — Замуж пайшлі.
Дзе іх мужыкі? - На вайну пайшлі.
Купалінка.
Ды ўзыдзі, месячык,
Ды ўзыдзі, ясненькі,
Разлажы нам Купалейка
Хлопчыкам на ігранейка,
Дзевачкам на гулянейка.
Дзевачкі нагуляліся,
Хлопчыкі найграліся
3 Купалейкам развіталіся...
Дзяўчаты.
Сягоння на Купаллі
Дзевачкі зелле збіралі.
Дзевачкі зелле збіралі
Ды ў вяночкі спляталі,
Ды на вадзічку пушчалі:
— Плывіце, вяночкі, аж на дно,
Скажыце пра мілага майго.
Хлопцы.
А там, ля ракі, дзеўкі краскі збіралі,
Краскі збіралі, вяночкі вілі,
Вяночкі вілі, у раку кідалі.
Купалінка.
Дык пойдзем і мы вяночкі кідаць,
Купальскаю ночкай пару дабіраць.
Усе.
Сёння ў нас Купалейка,
Дзявоцкае гулянейка.
Купаліся тры дзевачкі,
Купаліся, на бераг выйшлі.
На бераг выйшлі, загаварылі.
Адна дзевачка - бела, румяна,
А другая - тонка, высока,
А трэцяя — чорна, маленька.
Бела румяна выйшла за папа,
Тонка-высока выйшла далёка,
Чорна, маленька — за караля.
Сталі паны з'язджаціся,
Сталі з караля смяяціся:
- Чаму ж ты не браў белай, румянай,
Чаму ты не браў тонкай, высокай,
Нашто ўзяў чорну, малую?
- Тонкае дрэва гіблівае,
Белая рэдзька чарвівая,
Чорна зямелька ўрадліва:,
Малая пчолка руплівая.

Купалінка.
Ой рана, рана, на Яна-Купала,
На вулачку Сонейка дзевак збірала,
У ручкі сярпочкі давала
— Да годзе, дзевачкі, гуляці,
Да ідзіце у поле жыта жаці,
Роўнае поле, роўнае,
Зародзіць Бог жыта буйнае,
А ярую пшаніцу да на навіне,
Да збірайся, родзе, увесь ка мне.
Пакуль свой свайго будзе частаваць,
Хто з вас пойдзе Папараць-кветку
шукаць?
Хто не збаіцца нячыстае сілы?
Хто Кветку-Шчасце падарыць мілай?

Гучыць першапачатковы купальскі спеў. Усе разыходзяцца па парах, збіраюцца на пачастунак, скачуць цераз агонь. Потым шукаюць Папараць-кветку.

Вопыт правядзення Купалля на Свіцязі і рацэ Нарачанка (Вілейшчына) з удзелам студыі "Жыцень" і майстэрні "'Лучынка" дае магчымасць зрабіць некаторыя заўвагі. Так, часам арганізатары забываюць, што існуюць аўтэнтычны фальклор і апрацаваныя запісы. Напрыклад, запісы кампазітара М. Чуркіна і фалькларыста М. Федароўскага ў рознай ступені аддалены ад арыгінала. Аранжыроўшчыкі і рэдактары могуць мяняць прыпеў "Яна" на "Ивана", уводзіць імёны святых без аглядкі на тое, што яны маглі з'явіцца ў публікацыях над уплывам цэнзуры. У запі­сы трапляюць і пачутыя па радыё "палепшаныя" спевы замест мясцовых, аўтэнтычных. Не трэба забывацца, што Купалле — язычніцкае свята, а не храмавы абрад.
Спевы паводле народнай традыцыі могуць чаргавацца проста дыялогамі — усё залежыць ад музычнай культуры выканаўцаў. І толькі ў крайнім выпадку можна выкарыстоўваць запі­сы ансамбляў. На Купалле павінны гучаць толькі народныя спевы, а не музыка поп-культуры.

Літаратура
Беларускі фальклор: Хрэстаматыя. — Мінск: 5ыш. шк., 1977.
Іскрык У. Драматургія і фальклор. — Мінск: НМТ учэбнай кнігі, 2002.
Каляндарна-абрадавая паэзія / Укл. А. Ліс і нш. Навук. рэд. А. Фядосік. Кн. 1. — Мінск: Бел. навука, 2001 (Беларускі фальклор: Жанры, віды, паэтыка).
Шамякіна Т. Беларуская літаратурная класічная традыцыя і міфалогія. — Мінск: БДУ, 2001.
Шырма Р. Беларускія народныя песні. Т. 3. — Мінск: Дзяржвыд БССР, 1962.
Богданович А. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов. — Гродно, 1895

Сцэнарыі
Copyright © 2013 Scenaryi.by Усе правы абаронены
Яндекс.Метрика